Аб выніках работы працаўнікоў вёскі расказаў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Маеўскі

— Сёння ў свеце як ніколі востра стаіць праблема харчовага забеспячэння. У тым, што  жыхары  Беларусі  забяспечаны  неабходнымі прадуктамі харчавання, вядома ж, найперш заслуга ўсяго  АПК.  Трэба  адзначыць, што  гэты  сельскагаспадарчы  год  мы  завяршылі паспяхова.  І ў першую чаргу ў раслінаводстве. У гэтым  годзе  мы  сабралі  багаты  ўраджай  збожжавых  і  зернебабовых культур: без уліку кукурузы  107 447 тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць склала 38 цэнтнераў зерня з гектара, што значна больш, чым летась.

Фота «ПН». Архіў.

Што стаіць за гэтымі лічбамі? Нялёгкая, добрасумленная, штодзённая праца лю-дзей. Аграрыі кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі ўнеслі свой уклад у агульны каравай. Самую высокую ўраджайнасць атрымалі ў СУП «Дукора-Агра» — 50 цэнтнераў збожжа з гектара. У лідарах па намалоце і ЭБ «Зазер’е», дзе з кожнага  гектара атрымалі таксама  па 50 цэнтнераў,     у ПСУ  «Рудзенскае»  — 47  цэнтнераў.  Своечасова выканалі  дзяржзаказ. У засекі дзяржаве пухавіцкія сельгаспрадпрыемствы адправілі 10500 тон збожжа, у  тым  ліку  8200  тон  пшаніцы, 2 тысячы тон жыта, 300 тон ячменю.

Пяць экіпажаў намалацілі звыш за дзве тысячы тон збожжа. Больш за ўсіх намалочанага збожжа  на  рахунку Мікалая  Крукоўскага з СУП «Дукора-Агра» —  2298 тон. Перасягнулі планку ў дзве  тысячы  тон Дзяніс  Манюк  і Аляксей Бамбізаў з ААТ «Індустрыя-СГ», Уладзімір Хвастоў, Аляксандр  Расолька  і  Міхаіл   Камар з ААТ «Голацк», Міхаіл Грышук, камбайнер СУП «Дукора-Агра». Усяго больш за тысячу тон збожжа намалацілі 45 экіпажаў. Шэсць вадзіцеляў перавезлі ад камбайна больш за дзве тысячы тон збожжа.

Падчас жніва на дапамогу аграрыям прыйшлі і  работнікі іншых арганізацый. Дапамагалі тэхнікай і людзьмі  Пухавіцкі лясгас, Пухавіцкае ПМС, філіял «Аўтапарк №19».

Дзесяць сельскагаспадарчых арганізацый сёлета вырошчвалі на сваіх палях цукровыя буракі на плошчы 2173 гектары. Ураджай іх у параўнанні з мінулым годам не быў такі багаты. У сярэднім атрымалі па 265 цэнтнераў з гектара.  Прычынай стала засуха. Валавы збор склаў 57 627 тон.

Нядрэнных вынікаў мы дасягнулі ў жывёлагадоўчай галіне. З пачатку года ў ААТ «Агра-Абярэг» надой малака на карову склаў 6123 кілаграмы малака. Гэта лепшы паказчык у раёне. У  СГФ  «Чырвоны  май» —  5837  кілаграмаў, у СГФ «Светлая Ніва» — 5436 кілаграмаў. У аператара машыннага даення кароў ААТ «Агра-Абярэг» Веры Хілько  надой на карову  склаў  11067 кіла-грамаў малака, а ў Марыны Граблюк з гэтай жа сельгасарганізацыі — 7728 кілаграмаў малака. З году ў год дабіваецца добрых вынікаў у рабоце і аператар машыннага даення кароў ААТ «Зазерка» Марына  Пракаповіч.

Паляпшаюцца ўмовы для працы жывёлаводаў: для іх стараліся не толькі адрамантаваць старыя памяшканні, але і пабудаваць новыя.

Я хачу сказаць словы падзякі кожнаму, хто самааддана працуе на зямлі: кіраўнікам, спецыялістам, людзям, якія забяспечваюць харчовую бяспеку раёна, краіны і з дня ў дзень робяць сваю нялёгкую справу.

Анастасія  ГЛЕБАВА.