У сельгасфіліяле «Дрычын» нарыхтоўка кармоў набірае тэмпы
У сельгасфіліяле “Дрычын” нарыхтоўка кармоў набірае тэмпы, у работу ўключаецца ўсё больш корманарыхтоўчай тэхнікі, а на адвозцы зялёнай масы створаны мехатрад.
Першым укосам у сельгасфіліяле «Дрычын» трэба ўбраць 800 гектараў траў. Гэта больш, чым у мінулым годзе. Плошчу павялічылі, каб пазбегнуць дэфіцыту кармоў, ды і колькасць сянажных траншэй дазваляе нарыхтаваць шмат пажыўнага зялёнага корму.
Першая касілка ў філіяле выехала ў поле ў апошнія дні мая. Цяпер трава ў патрэбнай фазе, і яе неабходна ўбраць, каб не перарасла і не страціла свае пажыўныя якасці.
У першыя дні касавіцы ўбралі 120 гектараў, з якіх заклалі сянажную траншэю на МТФ «Калінаўка». Усяго на гэтай ферме 4 траншэі ўмяшчальнасцю тысяча тон кожная.
Убіраюць на сянаж у сельгасфіліяле шматгадовыя бабова-злакавыя травы, якія багатыя бялкамі. На нарыхтоўцы кармоў працуюць на кормаўборачных камбайнах КВК-800 і «Джон-Дзір» Дзмітрый Філонаў і Дзмітрый Мацкевіч. З васьміметровай касілкай працуе Уладзімір Шыманскі, а з чатырохметровай — Уладзімір Сінягоўскі. Задзейнічаны таксама 6-ці і 9-метровыя граблі.
— На закладку сянажнай траншэі адводзіцца ад 3 да 5 дзён, — расказвае аграном СГФ «Дрычын» Вольга Фіневіч. — Першую, напрыклад, мы заклалі за тры дні. За якасцю нарыхтоўкі зялёнага корму акрамя мяне сочаць галоўны заатэхнік, ветурач. Кантралюем тэмпературу, вільготнасць зялёнай масы, якая павінна быць не больш за 60 працэнтаў, а таксама глядзім даўжыню рэзкі, каб добра ўтрамбаваць. Калі па апошнім паказчыку ўзнікаюць пытанні, правяраем камбайн.
Каля МТФ «Новае сяло» ў гэтыя дні стаіць водар скошанай травы. Трамбоўка сянажных траншэй у філіяле па тэхналогіі вядзецца кругласутачна. На пагрузчыках «Амкадор» яе выконваюць Аляксей Шрэйдэр і Аляксей Мянькоў.
У СГФ «Дрычын» трэба нарыхтаваць 25 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Каб стварыць добрую кармавую базу, на МТФ «Новае сяло» размешчаны тры сянажныя траншэі: дзве па тысячы тон і адна на 4 тысячы тон, а таксама дзве траншэі на МТФ «Сетча» па дзве тысячы тон кожная. Акрамя таго, плануецца нарыхтаваць тысячу тон зялёных кармоў у стрэтч-плёнку. Але пакуль першачарговай работай з’яўляецца закладка кармоў у сянажныя траншэі.
— Ураджаем траў, скошаных на першых гектарах, мы задаволены, — гаворыць аграном. — Атрымліваем 150 цэнтнераў з гектара. Гэта больш, чым у мінулым годзе. Вялікія надзеі ўскладаем на канюшыну і люцэрну, якія павінны даць пад 200 цэнтнераў. Калі надвор’е паспрыяе, то будзе і трэці ўкос.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.