Вы павінны гэта ўбачыць! Як нашы землякі ствараюць навагодні настрой

Бывае ў вас такое: хутка свята, а вы яго  зусім не адчуваеце? Канешне, бывае. Але ж гэта не норма! З гэтым мірыцца нельга! Тым больш, калі гаворка ідзе пра Новы год! Што рабіць? Рабіць свята!

Паліклінніка № 1 горада Мар’іна Горка.

Навагодні настрой нашы землякі стваралі не толькі для таго, каб стаць удзельнікамі раённага конкурсу на лепшае ўпрыгожванне аб’ектаў да Новага года, але і для таго, каб падарыць радасць адзін аднаму.

— У адну з субот я выйшла з кабінета пасля прыёму пацыентаў і са здзіўленнем убачыла, як  змяніўся хол паліклінікі, — расказвае загадчыца паліклінікі №1 горада Мар’іна Горка Вольга Буза. — Упершыню за тры дзесяцігоддзі нашы пацыенты ўбачаць не толькі гірлянды на вокнах, а яшчэ і сапраўдную навагоднюю інсталяцыю. І  гэта адбылося дзякуючы нашай загадчыцы гаспадаркі Вользе Субота. Яна не проста стала аўтарам такой навагодняй ідэі, але і яе выканаўцам. Некалькі месяцаў працы ў абсалютнай тайне ад калег — і ў выніку атрымаўся сапраўдны навагодні падарунак для ўсіх: і для членаў калектыву, і для пацыентаў, якім кропелька святочнага  настрою не перашкодзіць.

Хол у цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Абсалютна навагоднім выглядае і будынак раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тут не толькі на вуліцы ў вячэрні час святочна і ярка, але і ў кабінетах, калідорах, дзе ўстаноўлены ёлкі, развешаны гірлянды і іншыя навагоднія атрыбуты, зробленыя рукамі работнікаў цэнтра на чале з кіраўніком  Аленай  Пархімчык, палёту фантазіі якой і ўменню ўвасобіць прыдуманае можна пазайздросціць.

Хто ж яшчэ зможа здзівіць журы сваім дызайнерскім майстэрствам, фантазіяй і ўменнем бачыць у звычайных на першы погляд рэчах нешта дзіўнае? Зазірніце ў Мар’інагорскую дзіцячую школу мастацтваў, у гімназію, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у іншыя школы і  дзіцячыя сады. Вось ужо дзе працуюць людзі з залатымі рукамі! Адразу зразумела, колькі настрою, колькі любові да гэтага чароўнага свята ўкла-дзена імі ва ўпрыгожванні…

Свята пройдзе. Але да наступнага года застануцца цудоўныя фотаздымкі з фотазон, якія сёння афармляюць многія калектывы.

Алена МАКСІМАВА.

Здымкі Андрэя МАЗАНІКА, Алены МАКСІМАВАЙ.